РАМО́НТ СТА́ТКА,
сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.
П.Ф.Драбышэўскі.
т. 13, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)